Гісторыя Веткаўскага музея

Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый - унікальная з'ява ў культуры Беларусі.

Заснаванне

У аснове музея асабістая калекцыя Фёдара Рыгоравіча Шклярава (1925-1988) — ураджэнца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянера мясцовай даўніны. Фёдар Шкляраў часта задумваўся пра спадчыну сваіх продкаў, таму што паняцце прыгажосці ў сем'ях стараабрадцаў было неад'емнай часткай і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Бачачы вакол сябе багацце ўнікальных рэчаў, якія былі практычна ў кожным доме, пачаў збіраць іх, усё адразу: каменныя сякеры, інструменты, рукапісныя кнігі, карціны сучасных мастакоў, іконы, бісерныя і чаканеныя аклады, тканыя ручнікі і інш.

Сярод мноства найцікавейшых экспанатаў у калекцыі Фёдара Шклярава вялікую колькасць складалі помнікі веткаўскай стараабрадніцкай культуры. Майстэрня Шклярава і ўвесь разьбяны дом, пабудаваны ўласнаруч, прыцягвалі вялікую колькасць гасцей, якія прыязджалі здалёк. Дзяржаўныя дзеячы, дыпламаты, журналісты і мастакі захапляліся калекцыяй Фёдара Рыгоравіча.

Улады заўважылі, што калекцыя выклікае цікавасць і ў замежных гасцей, таму ў лістападзе 1978 г. на аснове распараджэння Гомельскага аблвыканкама было прынята рашэнне пра стварэнне «Веткаўскага музея народнай творчасці» (такую назву музей меў да лютага 2011 г.). Фёдар Рыгоравіч стаў першым дырэктарам музея, будаўніцтва якога працягвалася да лістапада 1987 г. Адначасова і вялася велізарная пошукава-даследчая праца.

Сталыя экспазіцыі і новае імя  

Сталая экспазіцыя была адкрыта 1 лістапада 1987 г. на трох паверхах у адрэстаўраваным і рэканструяваным гістарычным будынку — доме купца Грошыкава, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю РБ. 
Аднак свайму новаму стварэнню Фёдар Шкляраў змог парадавацца роўна год. 1 лістапада 1988 г. сотні людзей прыехалі, каб развітацца з Фёдарам Рыгоравічам.

З 1988 г. дырэктарам становіцца Галіна Рыгораўна Нячаева.

У 2000 г. быў заснаваны філіял Веткаўскага музея ў Гомелі. У 2009 г. ён атрымаў новыя плошчы ў гістарычным асабняку на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У філіяле музея праходзяць часовыя выставы, мерапрыемствы, тэматычныя заняткі і майстар-класы.

У лютым 2011 г. музею было нададзена імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава. 10 снежня 2012 г. установа «Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава» перайменавана ў дзяржаўную ўстанову культуры «Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава».

Музей сёння


Своеасаблівасць музея вызначаецца тым, што ў ім прадстаўлена мастацкая культура і творчасць некалькіх народных традыцый найцікавейшага рэгіёна на паўднёвым усходзе Беларусі, перш за ўсё, праваслаўнай беларускай вёскі і стараабрадніцкай Веткі.


Веткаўскі музей сёння — навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай культуры. На 1 лютага 2021 г. у фондах музея налічвалася больш за 13 тысяч музейных прадметаў. Навукова-даследчая праца музея прысвечана вывучэнню стараабрадніцкай культуры і культуры беларускай вёскі:

  • разглядаецца веткаўская школа іканапісу і старажытная мастацкая культура кнігі;
  • вывучаюцца традыцыйныя тэхналогіі, семантыка беларускага арнаменту, народнае ткацтва ў кантэксце фальклорных і абрадавых традыцый;
  • збіраюцца матэрыялы па духоўнай культуры р: яны актыўна выкарыстоўваюцца ў навуковай, публіцыстычнай і асветніцкай дзейнасці (фонд аўдыя- і відэазапісаў налічвае сотні гадзін фіксацыі);
  • арганізаваны цэнтр па захаванні і адраджэнні рамёстваў (вывучэнне і аднаўленне тэхналогій старажытных рамёстваў, перш за ўсё, мясцовых традыцый ткацтва);
  • дзейнічае рэстаўрацыйная майстэрня: спецыялістамі музея праводзяцца рэстаўрацыйныя работы па кансервацыі, раскрыцці, аднаўленні ікон, бісерных акладаў, прадметаў з металу, побытавых прадметаў з дрэва, рэстаўрацыі тканін.

Музей заўсёды рады прымаць гасцей і запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых у вывучэнні і папулярызацыі багатай спадчыны культуры Беларусі, а таксама жадаючых і здольных аказаць падтрымку ў справе выратавання і захавання ўнікальных помнікаў, на якія багатая наша зямля.