Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава


Больш чым музей

Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый сёння — навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай культуры.

Калекцыі ўнікальных стараабрадніцкіх ікон, рукапісных і друкаваных кніг, самая вялікая калекцыя рэгіянальнага тэкстылю (ручнікі, посцілкі, элементы традыцыйнага касцюма і інш.) робяць Веткаўскі музей унікальнай з'явай у беларускай і стараабрадніцкай культуры.

На трох паверхах Веткаўскага музея дзейнічаюць пастаянныя экспазіцыі, на якіх прадстаўлена мастацкая культура і творчасць некалькіх народных традыцый рэгіёну на паўднёвым усходзе Беларусі. Перш за ўсё, гэта культура праваслаўнай беларускай вёскі і стараабрадніцкай Веткі — цэнтра расколу канца XVII-XVIII стагоддзяў.

У лістападзе 2022 года ў сценах музея адкрылася новая зала, у якой размясцілася экспазіцыя, прысвечаная заснавальніку музея — Фёдару Шкляраву.

У філіяле Веткаўскага музея, які знаходзіцца ў Гомелі, праходзяць часовыя выставы, мерапрыемствы, тэматычныя заняткі і майстар-класы. Часовыя выставы фарміруюцца з фондаў Веткаўскага музея. Дадаюцца і матэрыялы іншых музеяў і прыватных калекцый. Змена выстаў у залах філіяла адбываецца раз на тры-пяць месяцаў.


Больш пра жыццё Веткаўскага музея: фота- і відэасправаздачы з адкрыццяў выстаў і мерапрыемстваў, гісторыі з экспедыцый, усе апошнія навіны і анонсы — у нашых сацыяльных сетках.